“Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць, калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны – гэта родная мова”. 

 Змітрок Бядуля

 

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Сёння ў нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы.

Гэта свята – нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую мы завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова і на якой размаўлялі нашы продкі.

Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі яна ледзь не знікла. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

Не засталіся абыякавымі да гэтага свята нашы вучні: з самай раніцы ў школе гучалі песні на роднай мове, быў аформлены стэнд, вучні 10 “А” класа правялі акцыю “Рускай мове дай разгрузку – гавары па-беларуску!” з бацькамі і настаўнікамі, расказалі пра свята ў кожным класе. Увесь дзень быў насычаны станоўчымі эмоцыямі і ўражаннямі.