Каб прыцягнуць увагу грамадства да паэзіі, на 30-й сесіі ЮНЕСКА ў 1999 годзе было прынята рашэнне 21 сакавіка кожнага года адзначаць Сусветны дзень паэзіі.  Гэта свята адзначылі і ў нашай  школе.
Усіх аматараў паэзіі ў школьнай бібліятэцы сабрала літаратурная гасцёўня “Паэзія як прадчуванне”.
Прысутныя пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення свята. Гучалі вершы-прысвячэнні паэзіі Л. Галубовіча, П. Панчанкі, М. Танка, Я. Янішчыц, Р.Баравіковай, К.Буйло.
А колькі цудоўных песень напісана на вершы беларускіх паэтаў! І жартоўныя, і лірычныя, але амаль ва ўсіх іх праходзіць тэма кахання, спрадвечная тэма. Надаць мерапрыемству святочнае гучанне дапамаглі наступныя музычныя кампазіцыі: “Я вас люблю” (на словы А.Грачанікава), “Ты думаў пра мяне” (сл. Канстанцыі Буйло), “Кахання нашага пара” (сл. Генадзя Бураўкіна), “Князёўна” (сл. Рыгора Барадуліна).

Напрыканцы літаратурнай гасцёўні “Паэзія як прадчуванне” прагучала думка, што кожны чалавек можа асабіста спасцігнуць яе таямніцы, але для гэтага трэба быць чуйным, назіральным, адкрытым душой.