У наш вучоны век я раю моцна:
Чытайце казкі, хлопцы і дзяўчаты!
Ніл Гілевіч
Адным з важных шляхоў творчага пазнання рэчаіснасці з’яўляецца казка. Народныя казкі – найбагацейшы скарб, у якім увасоблены мудрасць, мастацкі талент народа, глыбокі роздум чалавека над жыццём, яго вопыт, назіранні за навакольнымі з’явамі. Казка ўзнаўляе даўно забыты час і падзеі, страчаныя ў памяці народа, своеасаблівы каларыт часу і жыцця. Менавіта праз казку дзеці дакранаюцца да жыцця, культуры, быту нашых продкаў.
Казка дае маленькаму чалавеку ўрокі патрыятызму і маралі. Усім сваім паэтычным ладам яна вучыць разумець народнае ўяўленне пра добрае і злое, высокае і нізкае, сумленнае і агіднае, гуманнае і жорсткае. Яна садзейнічае развіццю эстэтычных пачуццяў, без якіх немагчыма высакароднасць душы, суперажыванне, сардэчная чуласць да чалавечага гора, пакут. Яна ўмацоўвае ў дзяцей жыццялюбства, аптымізм, вучыць іх маралі, развівае ўяўленне, будзіць творчыя здольнасці. Дзякуючы казцы дзеці пазнаюць свет не толькі розумам, але і сэрцам.
Казка — гэта не проста забава. У ёй хаваюцца назапашаныя стагоддзямі і пакаленнямі веды, па зярнятку адабраная найбольш важная і патрэбная інфармацыя. Гэта пасланне нашчадкам пра тое, як жыць, любіць, сябраваць, дзейнічаць у складаных сітуацыях, як будаваць сям’ю, адносіны паміж мужчынам і жанчынай, паміж бацькамі і дзецьмі.
У чацвер, 28 лістапада, была праведзена гульня-спаботніцтва “У краіне беларускіх казак” для вучняў 5-х класаў. Дзеці добра справіліся з усімі конкурснымі заданнямі. Апрача гэтага, кожная каманда падрыхтавала інсцэніроўку казкі. Гледачы таксама мелі магчымасць паўдзельнічаць у гульні. Упэўнена, што вучні, дзякуючы казкам, набылі пэўны жыццёвы вопыт.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Грынкевіч Галіна Фёдараўна